СБУ не выключае, што на вайсковых складах каля Чарнігава адбылася дыверсія
Служба бяспекі Украіны не выключае, што на вайсковых складах каля пасёлка Дружба Ічнянскага раёна Чарнігаўскай вобласці адбылася дыверсія. Гэта — адна з версій. На месцы працуе следча-аператыўная група Цэнтральнага апарату СБУ, туды ж прыехала кіраўніцтва спецслужбы.
Сведкі кажуць, што выбухі адбыліся ў чатырох месцах арсеналу, пасля чаго пачаўся пажар. Пра гэта распавёў на брыфінгу намеснік начальніка генштабу Узброеных сіл Украіны Радзівон Цімашэнка. Паводле яго слоў, агонь ахапіў не больш за 10% тэрыторыі арсеналу. Кожную секунду адбывалася 2-3 выбухі, але цяпер іх інтэнсіўнасць зменшылася, інфармуе hromadske.ua.
Здарэнне адбылося ўначы. Тады ж пачалася эвакуацыя жыхароў з зоны магчымага паражэння боепрыпасамі. Агулам вывезлі ў суседнія раённыя цэнтры каля 12 тысяч чалавек (некаторыя сыходзілі з небяспечнага раёна пешшу). Плануецца эвакуяваць да 19 тысяч мясцовых жыхароў. Вядома, што па меддапамогу звярнуліся 63 чалавекі, яны скардзіліся на кепскае самаадчуванне з-за задымлення.
У радыусе 20 км ад месца здарэння закрытая паветраная прастора, спынены чыгуначны і аўтамабільны рух.