Салаўёў у Маскве расказаў, як у Мінску за ім сачылі "людзі ў пагонах"

Расійскі тэлежурналіст Уладзімір Салаўёў у эфіры радыёстанцыі "Вести ФМ" распавёў пра сваю паездку ў Беларусь і пра тое, што там убачыў. Як вядома, у яго быў выступ у Палацы Рэспублікі. Па словах Салаўёва, арганізатары актыўна ўзяліся за падрыхтоўку, а пасля пачалі хвалявацца, казаць, што "можа і не варта прыязджаць", што "рыхтуюцца акцыі пратэсту". А ў апошні дзень раптам пачалося актыўнае вяртанне білетаў, распавёў журналіст.
Ён абразліва выказаўся пра журналістаў, якія прыйшлі на яго прэс-канферэнцыю ў Мінску. Нібыта, яны мелі задачу "паказаць, што вечар прайшоў, але Салаўёў праваліўся".
Таксама расійскі тэлежурналіст распавёў пра тое, што за ім у беларускай сталіцы сачылі:
"Куды ні пайду — адчуваю, што не адзін. Увесь час яшчэ вельмі інтэлігентныя людзі. Вельмі добры кіроўца, вельмі ветлівы, усё расказвае, усё ў яго добра — але з пінжака пагоны проста праступаюць... Усё міла, але ніхто не спрабуе сказаць лішняе. Усе, калі нешта кажуць, адразу да "мікрафона" паварочваюцца ў любым памяшканні…".
Тым не менш, Салаўёў сцвярджае, што "атрымаў вялікае задавальненне" ад паездкі ў нашу краіну. Паводле яго слоў, ён, нібыта, праехаў, "на такой машыне альтэрнатыўнай будучыні". Яму спадабаўся Мінск, які ён назваў прыгожым горадам, "чыстым нерэальна". "Дарогі такія, ты едзеш і думаеш: Еўропа адпачывае", — распавёў тэлежурналіст.