Падчас атакі на Крым пацярпелі і грамадзяне Беларусі

Фарос пасля дронавай атакі

Фарос пасля дронавай атакі / тг-канал "мэра" Ялты

Грамадзяне Беларусі ёсць сярод пацярпелых падчас учорашнай украінскай атакі на Крым. Пра гэта паведаміла ў сваім тг-канале кіраўніца прарасійскай адміністрацыі Ялты Яніна Паўленка.

У МЗС Беларусі пацвердзілі, што двое нашых суграмадзян атрымалі раненні сярэдняй цяжкасці.

Паводле звестак расійскіх уладаў, у выніку ўдару дронамі 21 верасня тры чалавекі загінулі, яшчэ 16 атрымалі раненні.

Пашкоджаныя некалькі аб'ектаў на тэрыторыі санаторыя "Фарос" і будынак школы ў пасёлку — імаверна, менавіта там і адпачывалі пацярпелыя беларусы. Санаторый "Фарос" звязваюць з Федэральнай службай бяспекі Расійскай Федэрацыі.

Паведамленні пра тое, што спрычыніла ахвяры, разыходзяцца. Спярша Мінабароны РФ заявіла, быццам удар быў нанесены адмыслова па курортнай зоне Крыма. Але ў наступным паведамленні вядзецца пра падзенне абломкаў збітага беспілотніка, праз якія адбылося ўзгаранне сухой травы ў раёне Ялты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.