РПЦ узнагародзіла высланага з Балгарыі беларускага святара
Евгений Павельчук / podvorie-sofia.bg
Руская праваслаўная царква адзначыла высланых з Балгарыі святароў грамадзяніна Беларусі протаіерэя Яўгена Павельчука і расіяніна архімандрыта Васіяна (Мікалая Змеева), які быў настаяцелем падворка ў Сафіі. Ім вынеслі падзяку. На гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.by.
Васіян атрымаў новае прызначэнне — начальнікам Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме. А Павельчук накіраваны ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Святы Сінод РПЦ таксама выказаў "катэгарычны пратэст у сувязі з грубымі і дыскрымінацыйнымі дзеяннямі балгарскіх уладаў", якія выслалі з Балгарыі Павельчука, Змеева і яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Банько.
Нагадаем, святароў выслалі з Балгарыі 21 верасня за дзейнасць, накіраваную супраць нацыянальнай бяспекі краіны. У Дзяржаўным агенцтве нацбяспекі палічылі, што гэтыя людзі здзяйснялі дзеянні, звязаныя "з рэалізацыяй розных элементаў гібрыднай стратэгіі Расійскай Федэрацыі па мэтанакіраваным уздзеянні на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Балгарыя на карысць расійскіх геапалітычных інтарэсаў".
Дадамо, што калі Павельчук служыў у Гродзенскай епархіі, ён адказваў за ўзаемадзеянне з узброенымі сіламі, арганізоўваў там казачыя дзіцячыя лагеры і ўдзельнічаў у хрэсным ходзе пад расійскімі імператарскімі сцягамі. Яго былыя калегі адклікаюцца пра яго як пра найчыстага прадстаўніка "рускага свету", пісала раней "Радыё Свабода".