Розніца ў заробках мужчын і жанчын у Беларусі павялічылася

Мужчыны ў Беларусі сталі зарабляць яшчэ больш, чым жанчыны / Euroradio
У Беларусі падлічылі гендарны разрыў у сярэднегадзіннай заработнай плаце. Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў звесткі на кастрычнік 2024 года.
Розніцу ў аплаце працы ацэньвалі па двух напрамках. Першы — нескарэктаваны гендэрны разрыў. У ім падлік ідзе па ўсіх работніках без уліку індывідуальных характарыстык. Другі напрамак улічвае ўзровень адукацыі, сферы дзейнасці, стаж ды іншыя фактары.
У другім, скарэктаваным напрамку мужчыны апераджаюць жанчын у заробках на 6%. паводле звестак Белстата 2021 года гэты разрыў складаў 5,8%, адзначае Office Life.
А розніца без уліку сфер дзейнасці, адукацыі, стажу ды іншых нюансаў склала 26,8%. За тры гады да таго мужчыны зараблялі на 24,3% больш за жанчын.
Розніцу ў заробках не аднойчы прызнавала і Мінпрацы. Там называлі лічбу ў 20-25%. Такі разрыў чыноўнікі тлумачылі тым, што жанчыны ў Беларусі зазвычай працуюць пераважна ў бюджэтнай сферы, а мужчыны — на так званых "шкодных працах".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.