Рэжым Лукашэнкі ператварае катаванні ў публічнае відовішча — даклад

Ізалятар на Акрэсціна, ілюстрацыйнае фота

Ізалятар на Акрэсціна, ілюстрацыйнае фота

Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае відэа з прымусовымі прызнаннямі ўдзельнікаў пратэстаў для запалохвання грамадства і ціску на іншадумцаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (World Organisation Against Torture).

У дакуменце адзначаецца, што праўладныя СМІ паказваюць вымушаныя прызнанні па дзяржаўным тэлебачанні, праз YouTube і Telegram-каналы, пры гэтым часта выкарыстоўваюцца праўладныя вобразы і сенсацыйныя сюжэты.

Ахвярамі ціску становяцца актывісты, журналісты, студэнты і звычайныя грамадзяне, якіх здымаюць на відэа пасля затрымання. Супраць іх ужываюцца пагрозы, фізічны гвалт і прыніжэнні. Эмацыйная траўма, сорам і сацыяльная ізаляцыя могуць захоўвацца доўга пасля публікацыі відэа ў інтэрнэце.

Былыя палітвязні адзначаюць, што пасля прызнання віны ў відэароліку звычайна мусілі прагучаць выказванні ў падтрымку ўлады, раскаянне ў пратэснай дзейнасці і асуджэнне палітычнай апазіцыі ды прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Адна са сведак расказала, што яе палохалі электрашокерам перад запісам відэа: "Хтосьці побач сказаў "Яе трэба ўдарыць электрашокерам, гэтую сучку", а потым пачуўся гук электрашокера. Мяне правялі назад па калідорах — у пакой з літарай Z на дошцы і зялёным фонам для відэазапісу. Мяне пасадзілі каля дзвярэй і вызвалілі адну руку з кайданкоў, каб я магла "паправіць прычоску". Я была ў вельмі дрэнным стане. Хтосьці прынёс у пакой кепку з сімволікай Лукашэнкі, але вырашылі яе не апранаць".

Адзін з удзельнікаў пратэстаў расказаў, што яго пачалі збіваць за тое, што ён не паўтарыў частку падрыхтаванага для яго тэксту. Іншы расказаў, як яму пагражалі за адмову займацца самаагаворам:

"Пакуль я ляжаў тварам уніз на падлозе, супрацоўнікі міліцыі раздрукавалі тэкст, які я павінен быў прачытаць на камеру. Я адмовіўся. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што ім выдаюць прэзерватывы оптам, і праз паўхвіліны хтосьці паднёс да майго твару дубінку з прэзерватывам, нацягнутым на яе, і спытаў: "Ці будзеце вы зараз запісваць?" Я адказаў: "Вядома, зараз буду". Адзін супрацоўнік міліцыі сядзеў за сталом і трымаў у руках аркуш з буйным шрыфтам, на якім было напісана: "Я, [імя], удзельнічаў у пратэстах і доўгі час з'яўляюся пастаянным спажыўцом наркотыкаў". Яны ўключылі камеру, і я прачытаў тэкст уголас. Мне было вельмі балюча з-за пералому рэбраў, і я быў вельмі напалоханы. Яны запісалі некалькі дубляў".

Доказы, сабраныя Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, пацвярджаюць, што катаванні ў Беларусі маюць сістэматычны характар і выклікаюць сурʼёзную занепакоенасць. Пра гэта ж гаварылася ў расследаванні, праведзеным Камітэтам ААН супраць катаванняў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.