Рэкорд па днях цвярозасці паставілі ў Рагачоўскім раёне

Сельская крама ў Рагачоўскім раёне / "Флагшток"
Чыноўнікі Рагачоўскага раёна паставілі рэкорд па колькасці дзён цвярозасці. У большасці раёнаў такіх дзён — два за ўвесь год, і прыпадаюць яны на апошні званок і выпускныя вечары.
А ў Рагачоўскім раёне будзе ажно дзевяць дзён цвярозасці за год. І ўсе яны прысвячаюцца якой-небудзь даце, заўважыў "Флагшток".
Першы з іх ужо "адзначылі" 7 красавіка — ён быў прысвечаны Сусветнаму дню здароўя. Наступны будзе з 8:00 15 траўня да 8:00 16 траўня — у гонар Міжнароднага дня сям'і.
24 траўня рагачоўцы будуць адзначаць дзень цвярозасці разам з астатняй краінай — у гэты дзень празвіняць у школах апошнія званкі. Супадзенне будзе і 13 чэрвеня — у выпускны вечар.
А далей — ізноў мясцовая ініцыятыва: 30 чэрвеня — Дзень моладзі, 11 ліпеня — Дзень прафілактыкі алкагалізму.
Да якой даты прымеркаваць забарону на продаж спіртнога 3 кастрычніка, чыноўнікі не прыдумалі, таму проста назвалі акцыю "Дзень цвярозасці". 10 кастрычніка забарону алкаголю прымеркавалі да Сусветнага дзня псіхічнага здароўя. А 15 снежня — да Дня прафілактыкі траўматызму.
Раней Белстат паведамляў, што агульны аб'ём спажывання алкаголю ў Беларусі склаў 11,5 л на душу насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэй. Першае месца займае Магілёўская вобласць (12,5 л), за ёй ідзе Віцебская (12,2 л). Трэцяе месца дзеляць Гродзенская і Мінская вобласці (па 11,5 л), крыху адстае ад іх Брэсцкая (11,3 л). Замыкаюць спіс Гомельская вобласць (11 л) і Мінск (10,8 л).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.