Рэферэндумаў у акупаваных РФ рэгіёнах Украіны пакуль не будзе
Аб правядзенні рэферэндумаў заяўлялі прарасійскія ўлады "ЛДНР", Херсонскай і Запарожскай абласцей / РІА "Новости"
Рэферэндумаў у так званых "ДНР", "ЛНР", а таксама ў іншых акупаваных рэгіёнах Украіны 11 верасня, хутчэй за ўсё, не будзе. Пра гэта піша расійскае выданне "Ведомости" са спасылкай на суразмоўцаў, блізкіх да адміністрацыі прэзідэнта РФ. Трое з іх сцвярджаюць, што гэта звязана з тым, што расійскія войскі "пакуль не занялі ўсю тэрыторыю "ДНР".
11 верасня ў Расіі пройдзе адзіны дзень галасавання. І раней меркавалася, што рэферэндумы аб далучэнні да Расіі на акупаваных тэрыторыях Украіны пройдуць у першай палове верасня. У прыватнасці, кіраўнік прарасійскай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі ў інтэрв'ю "Вестям" казаў, што Запарожжа дэ-юрэ яшчэ не Расія, але вельмі хацела б правесці рэферэндум аб далучэнні да РФ 11 верасня, у расійскі адзіны дзень галасавання.
Між тым кіраўнік так званай "ЛНР" Леанід Пасечнік лічыць, што рэферэндум магчымы толькі пасля "вызвалення тэрыторыі "ДНР". А кіраўнік "ДНР" Дзяніс Пушылін днямі заявіў, што рэспубліка ў прынцыпе гатовая да рэферэндуму, "галоўнае цяпер, чаго мы чакаем, — гэта выхаду саюзных сіл на адміністрацыйныя межы" вобласці.