Расстраляў машыну з аднагадовым дзіцем — злачынствы кілера з "банды Марозава"
Віктар Рэцкі / МУС
Следчы камітэт расказаў падрабязнасці крымінальнай дзейнасці кілера Віктара Рэцкага з "банды Марозава" — самай вялікай і жорсткай беларускай злачыннай групы 1990-х.
Яго крымінальная біяграфія пачалася яшчэ ў 1994 годзе. Рэцкі быў штатным кілерам банды і ўдзельнічаў як мінімум у двух рэзанансных злачынствах у перыяд "крымінальных войнаў" 90-х гадоў.
У 1994-м кілер разам з іншымі ўдзельнікамі банды запрасіў сваіх сяброў з Вільні ў Гомель, прыкінуўся супрацоўнікам міліцыі і катаваў іх, каб здабыць патрэбную інфармацыю. Не атрымаўшы звестак, бандыты забілі двух "гасцей". "Загрузіўшы целы ў аўтамабіль, разам з яшчэ жывымі замежнікамі прывезлі на бераг ракі Сож. Там, прывязаўшы да іх металічныя тракі, кінулі ў раку. З двума жывымі гасцямі паступілі гэтак сама", — распавялі ў СК.
Падчас перадзелу сфераў крымінальнага ўплыву ўвосень 1997-га ўдзельнікі "банды Марозава" расстралялі аўтамабіль крымінальнага "аўтарытэта". Падчас перастрэлкі загінулі тры чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця.
Следства выявіла, што апошнім часам Рэцкі хаваўся ў Расіі і Казахстане пад фальшывымі дакументамі. У Беларусь яго экстрадавалі ў сакавіку 2025-га.
Тэрміны даўнасці па шэрагу эпізодаў скончыліся (удзел у бандзе і злачыннай арганізацыі, незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, разбоі). Аднак следчыя змаглі даказаць удзел Рэцкага ў самых цяжкіх злачынствах — наўмысныя забойствы з асаблівай жорсткасцю. Гэтае абвінавачванне прадугледжвае смяротнае пакаранне.
Таксама ў СК паведамілі, што да адказнасці прыцягнулі ўжо больш за 50 удзельнікаў банды Марозава.