Рассельгаснагляд бярэ пад пільны кантроль беларускі рээкспарт

Рассельгаснагляд бярэ пад асаблівы кантроль беларускія прадпрыемствы, якія рэзка павялічылі пастаўкі прадукцыі ў Расію за апошнія месяцы. Таксама пад асаблівы кантроль трапяць прадпрыемствы, якія пачалі пастаўкі прадукцыі, якую ніколі не выраблялі раней. Пра гэта піша газета "Известия" са спасылкай на памочніка кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксея Аляксеенку. Паводле яго слоў, павышаную ўвагу санітарная служба надасць пастаўкам з малых прадпрыемстваў, якія пачалі працаваць у Беларусі пасля ўвядзення Расіяй прадуктовых санкцыяў на пачатку жніўня. 

Чыноўнік запэўніў, што асаблівы кантроль Рассельгаснагляду закране ўсе віды жывёльнай і расліннай прадукцыі — малака, сыроў, гародніны і садавіны. 

Сёння, паводле рэестра Рассельгаснагляду, пастаўкі рыбнай прадукцыі з Беларусі ажыццяўляюць больш за 30 кампаній, яек і мяса птушкі — больш за 20, малака і малочнай прадукцыі — 71 прадпрыемства, мяса і мясной прадукцыі — больш за 40 прадпрыемстваў. 

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі адзначаюць, што ўся замежная сыравіна перапрацоўваецца і толькі тады трапляе на ўнутраны або знешні рынак. 

Фота — izvestia.ru