Рагачоўскага дырэктара, звольненага за "распаўсюд экстрэмізму", вярнулі ў школу

Аляксандр Лейкін / slova.by
У Рагачове сістэма адукацыі перажывае настолькі моцны кадравы голад, што на працу бяруць нават людзей, звольненых з палітычных прычынаў.
Летась у кастрычніку педагога і краязнаўцу Аляксандра Лейкіна звольнілі з пасады дырэктара рагачоўскай сярэдняй школы №4. Яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмізму" за старыя падабайкі ў сацсетках пад пастамі медыя, якія рэжым Лукашэнкі пазней прызнаў "экстрэмісцкімі".
Калі інфармацыя пра звальненне Лейкіна стала публічнаю, сілавікі пачалі масавыя аблавы на педагогаў і вучняў Рагачова: яны правяралі тэлефоны, каб знайсці, хто перадаў інфармацыю праваабаронцам.
А нядаўна, як піша "Гомельская Вясна", Лейкін вярнуўся на працу ў сярэднюю школу №4. Дырэктарства яму як палітычна ненадзейнаму не даверылі — далі працу сацыяльнага педагога. Гэта работнік школы, які працуе з дзецьмі з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама вырашае розныя сямейныя праблемы вучняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.