Чаму дзяржава хоча закруціць гайкі рэпетытарам? Меркаванне настаўніцы

Таццяна Крапіневіч / фота з архіва суразмоўніцы Еўрарадыё
Міністэрства адукацыі Беларусі хоча большага кантролю за працай рэпетытараў. Законапраект, у якім прапісаныя некаторыя абмежаванні, вынеслі на грамадскае абмеркаванне.
Еўрарадыё абмеркавала прапісаныя ў законапраекце ідэі з настаўніцай матэматыкі Таццянай Крапіневіч.
— Многія нават кажуць, што гэта пакладзе канец працы рэпетытараў, — кажа суразмоўніца Еўрарадыё. — Я чытала гэты закон і пракаментую некалькі галоўных магчымых новаўвядзенняў.
Zoom у бан?
Па-першае, чыноўнікі абдумваюць магчымасць абмежаваць працу рэпетытараў на анлайн-рэсурсах.
— То-бок анлайн-рэпетытар зможа (калі змяненні прымуць) карыстацца толькі сродкамі і рэсурсамі, якія створаныя або зарэгістраваныя ў Беларусі.
Тыя, хто працаваў у Zoom, яшчэ могуць перайсці на Google Meet ці Microsoft Teams (не будзем пра плюсы і мінусы кожнага рэсурсу). То-бок можна перайсці на іншую платформу. Але аналагаў інтэрактыўным сэрвісам для розных практыкаванняў, адпрацоўкі навыкаў у Беларусі проста няма. Рэпетытарам давядзецца парушаць закон, працаваць па-чорнаму, выкарыстоўваючы гэтыя сэрвісы.
Толькі сам-насам, ніякіх групавых заняткаў
Па-другое, у рэпетытараў хочуць забраць магчымасць праводзіць групавыя заняткі. То-бок працаваць з дзецьмі можна будзе толькі ў рамках індывідуальных заняткаў.
— Многія ў адукацыйнай сферы кажуць, што гэта паставіць крыж на працы рэпетытарскіх цэнтраў. Але яшчэ гэта абмяжуе магчымасці бацькоў і дзяцей выбіраць форму заняткаў. Цяпер яны могуць пайсці на групавыя ўрокі, а гэта заўсёды танней, чым заняткі сам-насам, — тлумачыць Таццяна Крапіневіч.
Дадатковая адказнасць
У праекце закона прапісана: рэпетытар мусіць пераканацца, што яго вучань займаецца ў агульнаадукацыйнай школе.
— Якім чынам пераканацца, як даваць справаздачу пра гэта — не сказана. Наогул ні слова. І як гэта будзе правярацца — таксама незразумела, — здзіўляецца суразмоўніца Еўрарадыё.
Камп'ютар толькі з 18 гадоў?
Гэта не жарт: праект закона прадугледжвае, што вучыцца на камп'ютарных курсах можна будзе толькі з 18 гадоў.
— І ў мяне пытанне: а як цяпер будуць працаваць школы, у якіх прапануецца IT-адукацыя? Ды і наогул гэты пункт выклікае здзіўленне: чаму працы на камп'ютары можна вучыць толькі з 18-ці?
Высновы
Таццяна Крапіневіч не спрачаецца: скіроўваць дзейнасць у законнае рэчышча — гэта нармальна. Галоўнае — не ўвасабляць у жыццё ўсё, што прыйшло ў галаву чыноўнікам.
— Чаму дзяржава ўзялася за рэпетытараў? Таму што школу можна трымаць у жорсткіх рамках. І змест навучання, і метады працы настаўніка можна пракантраляваць, а рэпетытары існавалі самі па сабе. Яны самі выбіралі, чаму вучыць і як вучыць. І не сакрэт, што, звяртаючыся да рэпетытара, дзіця атрымлівала высокакваліфікаваную паслугу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.