Чаму беларускія ВНУ не трапляюць у рэйтынгі найлепшых універсітэтаў свету?
 
  БДУ / sb.by
— Там усё выглядае вельмі сумна, — так у эфіры Еўрарадыё дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч каментуе тое, што беларускія ўніверсітэты не трапляюць у міжнародныя рэйтынгі прэстыжных універсітэтаў.
Эксперт вылучае тры асноўныя спісы, і толькі ў адным з іх — QS World University Rankings — прысутнічае БДУ. Пры гэтым за апошнія тры гады беларуская ВНУ абвалілася з 288 месца да 417.
— Гэта проста жах. І ў гэтым рэйтынгу ў самым канцы (сярод паўтары тысячы ўніверсітэтаў) прысутнічае Палітэхнічная акадэмія [БНТУ, — Еўрарадыё].
Церашковіч нагадвае, што ў самым прэстыжным рэйтынгу — Times High Education — БДУ з’явіўся ў 2016 годзе, на ўзроўні 851 месца. Зараз яго там няма.
— Трэці — Шанхайскі рэйтынг універсітэтаў (нібыта сяброўская краіна рэжыму), які быў зроблены ў адказ першым двум, каб падтрымаць месцы кітайскіх універсітэтаў. Там адзіная зачэпка для БДУ, гэта прадметны рэйтынг па фізіцы паміж чацвёртай і пятай сотняй. Гэта больш-менш добра, але там ёсць агульны залік універсітэтаў сусветнага класа. І там такой краіны як Беларусь увогуле няма. Дзеля параўнання там ёсць універсітэты з Ганы, Марока.
У чым прычына?
Як кажа Павел Церашковіч, згаданыя рэйтынгі заснаваныя на вымярэнні таго, які ўклад у навуку ўносіць канкрэтны ўніверсітэт. А менавіта — колькасцю надрукаваных артыкулаў у прэстыжных часопісах.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
