П'яны літовец з 10 еўра нелегальна прыйшоў у Беларусь да сяброўкі
Яму пагражае штраф і дэпартацыя на радзіму.
25-гадовы мужчына з літоўскага горада Шальчынінкай прыйшоў нелегальна ў Беларусь. Пасля спрацоўвання сігналізацыі, лідскія памежнікі знайшлі сляды, а неўзабаве затрымалі і парушальніка — ў 500 метрах ад мяжы.
Калі літовец працверазеў, ён распавёў, што збіраўся за 10 еўра "злавіць" машыну і прыехаць у Гродна на сустрэчу з беларускай сяброўкай. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, парушальніку пагражае дэпартацыя з нашай краіны з забаронай уезду на 5 гадоў і вялікі штраф.
Дарэчы, жыхары суседняй краіны не першы раз пераходзяць беларускую мяжу ў стане алкагольнага ап'янення. Вясной мінулага года 50-гадовы жыхар Шальчынінкайскага раёна з амаль 7 праміле алкаголю ў крыві пешшу ішоў у Беларусь і быў затрыманы. Восенню 2013 года 23-гадовы літовец ратаваўся ад хуліганаў і прыплыў... у Беларусь. А летам 2012-га п'яны 38-гадовы літовец на трактары "Беларусь" нелегальна заехаў у Беларусь. Пры затрыманні мужчына лаяўся і адбіваўся ад беларускіх памежнікаў.