Пуцін вярнуў жахі вайны ў Еўропу — Урсула фон дэр Ляен пра палітыку РФ
Урсула фон дэр Ляен / CNN
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вярнуў у Еўропу "жахі вайны". Украінцы ў гэтай сітуацыі абараняюць каштоўнасці Еўрапейскага саюза. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен з нагоды агульнаеўрапейскага Дня памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, які адзначаецца сёння.
"Сёння, у 83-ю гадавіну падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, гэтая дата мае асаблівае значэнне. Сёлета Пуцін вярнуў у Еўропу жахі вайны разам з напамінам пра тое, што мір нельга ўспрымаць як нешта, што разумеецца само сабой", — заявіла фон дэр Ляен.
Паводле яе слоў, "балючая памяць пра мінулае – гэта не проста далёкі ўспамін, яна знайшла водгук у незаконнай і неапраўданай вайне Расіі супраць Украіны". Урсула фон дэр Ляен таксама адзначыла, што людзі ў ЕС падтрымліваюць украінцаў, якія аддаюць "сваё жыццё, каб абараніць каштоўнасці, на якіх будуецца наш Саюз".
Кіраўніца Еўракамісіі таксама гаварыла пра расійскую прапаганду, якая "скажае гісторыю, распаўсюджвае тэорыі змоў і карае тых, хто ёй супрацьстаіць". У ЕС, паводле яе слоў, маюць намер і далей змагацца з дэзінфармацыяй.
Еўрапейскі дзень памяці таталітарных рэжымаў адзначаюць у дзень падпісання Дамовы аб ненападзе паміж Германіяй і СССР, а таксама сакрэтнага пратакола Молатава-Рыбентропа, які падзяліў Еўропу на сферы ўплыву. Гэта адбылося 23 жніўня 1939 года. Лічыцца, што гэты дакумент падрыхтаваў глебу для пачатку Другой сусветнай вайны.