Пры выбуху на АЗС у Нагорным Карабаху загінула не менш за 125 чалавек
Выбух на паліўным складзе / Дзяржслужба па надзвычайных сітуацыях рэспублікі Арцах
Пры выбуху цыстэрны з палівам у Нагорным Карабаху загінулі не менш за 125 чалавек. Іх целы дастаўленыя ў Арменію, паведамляе "Кавказский узел".
Таксама ў Арменію даставілі 67 чалавек, якія пацярпелі пры выбуху. Мінабароны Расіі паведаміла пра дапамогу 22 пацярпелым.
Агонь на паліўным складзе, дзе адбыўся выбух, удалося пагасіць пад вечар 26 верасня. Паводле звестак МНС Азербайджана, на месцы здарэння працавалі 15 пажарных машын.
Як распавядала Еўрарадыё, моцны выбух адбыўся ўвечары 25 верасня на паліўным складзе, размешчаным каля запраўкі на трасе Сцепанакерт — Аскеран. Па гэтай трасе выязджаюць тысячы армян, якія пакідаюць Нагорны Карабах. Пры выбуху пацярпелі некалькі соцень чалавек.