Пры абстрэле Львова загінулі шэсць чалавек, ёсць пацярпелыя
Падчас расійскага ракетнага абстрэлу Львова загінулі шэсць чалавек, а восем атрымалі раненні. Пра гэта піша старшыня Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі.
Па інфармацыі Паветранага камандавання "Захад", зранку ў панядзелак па Львове былі нанесеныя чатыры ракетныя ўдары. Тры прыпалі на аб'екты ваеннай інфраструктуры, адзін — па шынамантажы. Пажары, выкліканыя ракетнымі ўдарамі, яшчэ тушаць.
"Па стане на гэты час вядома пра 6 загінулых і 8 пацярпелых. Сярод пацярпелых — адно дзіця", — паведамляе Казіцкі.
Як распавядала Еўрарадыё, зранку 18 красавіка расійскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Львове і Кіеве.