Прэзідэнт Егіпта наведае Беларусь

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі наведае Беларусь. Тэрміны афіцыйнага візіту ўзгадняюцца па дыпламатычных каналах. Пра гэта паведаміў у Мінску міністр замежных спраў Егіпта Самех Хасан Шукры. У беларускай сталіцы ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем.
Як інфармуе прэс-служба кіраўніка Беларусі, на сустрэчы Лукашэнкі і Самеха Хасан Шукры гаворка ішла пра двухбаковыя адносіны краін. Беларускі кіраўнік заявіў, што Мінск выканае ўсе дамоўленасці, падпісаныя з Каірам: “Усё будзе залежыць ад вас, егіпцян. Мы настолькі хутка можам разгарнуцца ў Егіпце, насколькі на тое будзе вашае жаданне”. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка наведваў Егіпет у студзені 2017 года. У панядзелак ён прыгадаў яго і назваў “вельмі паспяховым”.
Лукашэнка перадаў прэзідэнту Егіпта запрашэнне наведаць нашу краіну ў любы зручны для яго час. Дарэчы, візіт міністра замежных спраў Егіпта адбываецца ў Беларусь упершыню. Ён разглядаецца, як падрыхтоўчы этап для правядзення візіта прэзідэнта Егіпта. Самех Хасан Шукры адзначыў, што наведванне яго прэзідэнтам Беларусі станоўча паўплывае на пашырэнне ўзаемадзеяння дзвюх краін, інфармуе БЕЛТА.