Прэс-служба Януковіча не кажа, ці чакаюць Лукашэнку ў Кіеве

У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі ніяк гэтую інфармацыю не каментуюць. Кіраўніца прэс-службы Віктара Януковіча Дарка Чэпак ухілілася ад адказу на пытанне Еўрарадыё, ці чакаюць беларускага кіраўніка ў Кіеве.

Дарка Чэпак: “Я думаю, вам лепш звяртацца ў прэс-службу беларускага прэзідэнта”.

Нагадаем, 24 ліпеня ўкраінскае выданне "Сегодня" паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка разам з сынам Мікалаем прыедуць у Кіеў 27 ліпеня. І затрымаюцца там на два дні. Паведамлялася нават, дзе яны будуць жыць – у гасцявой прэзідэнцкай рэзідэнцыі па вуліцы Ліпскай. Але ўжо 25 ліпеня выданне "Дело" паведаміла, што Лукашэнка адмовіўся ад візіту ў Кіеў. Украінскія эксперты не выключаюць, што беларускага кіраўніка запрасілі такім чынам, што ў яго не было іншага выйсця, як адмовіцца ад візіту ў Кіеў.