Праверка Дзяржкантролю прыйшла ў фонд "Краіна замкаў"
Пазапланавая праверка Дзяржкантролю прыйшла ў фонд "Краіна замкаў". Фонд займаецца культурніцкай дзейнасцю, у тым ліку ладзіць экскурсіі па Беларусі.
У каментары TUT.by дырэктар Фонду Аляксандр Варыкіш выказаў меркаванне, што праверка мае палітычны складнік: ён дапамагаў прэс-службе Каардынацыйнай рады.
У Фэйсбуку Варыкіш напісаў, што лічыць гэтую праверку наступствам агульнага наступу на свабоду:
"Сябры, да нас на фонд "Краіна замкаў" прыйшлі з праверкай работнікі Камітэта дзяржкантролю. Аж цэлыя 4 чалавекі, на міні-арганізацыю, якая праз каранавірус не вазіла экскурсіі амаль увесь 2020-ы. Перакананы, што атака на наш фонд — гэта наступства агульнага наступу на свабоду, які актывізаваўся ў апошнія дні. Мы сталі ў адзін шэраг з арганізацыямі, якія не баяліся выказваць сваю пазіцыю".
Апошнія месяцы Дзяржкантроль актыўна выкарыстоўваецца як сродак ціску ўлады на арганізацыі, якія падтрымліваюць перамены ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.