Прапагандыстку Бондараву адлічылі з універсітэта пасля 13 сутак арышту

Вольга Бондарава / кадр з YouTube-канала Бондаравай
Прапагандыстку Вольгу Бондараву адлічылі з Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка. Пра гэта даведаліся журналісты выдання "Зеркало".
Бондарава паступіла на філалагічны факультэт ўніверсітэта ў 2022 годзе. Яна ўжо вучылася на трэцім курсе па спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура". Але 26 сакавіка жанчыну асудзілі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмізму". На волю яна выйшла 9 красавіка.
"Яна была адлічаная на мінулым тыдні з універсітэта", -— сказалі журналістам у дэканаце філфака БДПУ. Супрацоўніца дэканата патлумачыла, што пропускі заняткаў з прычыны арышту палічылі непаважлівай прычынай.
Змены ў Кодэкс аб адукацыі, якія дазволілі адлічваць сутдэнтаў пасля "сутак", унеслі ў студзені 2022 года. Падпункт 5.18.1 п. 5 арт. 68 кодэкса абвяшчае, што адлічыць студэнта могуць "у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту". У Беларусі ўжо былі выпадкі, калі маладыя людзі пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту пераставалі лічыцца студэнтамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.