Прафсаюзы: Прэзідэнцкі дэкрэт ударыць па рабочых, а не па кіраўніках
Еўрарадыё даведалася, што самае непрыемнае ў новым прэзідэнцкім дэкрэце для працаўнікоў.
Мяркуючы з назвы, новы прэзідэнцкі дэкрэт скіраваны на “ўзмацненне патрабаванняў” як да “кіруючых кадраў”, так і да “супрацоўнікаў арганізацый”. Але каму ўсё ж дастанецца больш?
Па словах юрыста Людмілы Чэкінай, улады ўжо даўно вядуць размовы пра тое, што, “каб падвысіць адказнасць кіраўнікоў, ім неабходна даць дадатковыя паўнамоцтвы”. Маўляў, так яны нібыта змогуць больш эфектыўна ўплываць на працу падначаленых.
Людміла Чэкіна: “І, відаць, гэты дэкрэт сапраўды быў прыняты для таго, каб даць кіраўнікам дадатковыя паўнамоцтвы і каб пасля з іх больш строга пытаць для дасягнення эфектыўнасці”.
Сапраўды, дэкрэт ускладае на кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці персанальную адказнасць за забеспячэнне дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоваў працы работнікаў. Пры невыкананні патрабаванняў кіраўнік будзе прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Але калі небяспека не толькі страціць працу, але і атрымаць “воўчы білет”, з якім на кіруючыя пасады ўладкавацца будзе доўга немагчыма, рэзка ўзрастае для “кіруючых кадраў”, то першымі на сабе дзеянне дэкрэта ўсё ж адчуюць “супрацоўнікі арганізацый”. І першае, на што звяртаюць увагу і юрысты, і прафсаюзныя дзеячы, — гэта “змяншэнне тэрмінаў для папярэджання аб значным пагаршэнні ўмоў працы”.
Людміла Чэкіна: “Чалавеку могуць, да прыкладу, урэзаць заробак, прычым значна, і папярэдзіць яго пра гэта ўсяго за 7 каляндарных дзён. У яго не будзе ні паўнавартаснай магчымасці знайсці іншае месца працы, ні нейкім іншым чынам падстрахавацца. І гэта найбольш істотная змена не на карысць супрацоўніка”.
Старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук яшчэ называе як прыклад пагаршэння ўмоў працы тое, што “кіраўнік зможа прымяняць да работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, у якасці самастойнай меры дысцыплінарнага спагнання пазбаўленне прэміі на тэрмін да 12 месяцаў”. Ёсць прэтэнзіі да дэкрэта і ў кіраўніцы юрыдычнай службы прафсаюза РЭП Жанны Запрыварынай.
Жанна Запрыварына: “Апроч гэтага, дэкрэтам прадугледжаная магчымасць скасоўваць з супрацоўнікам працоўную дамову за нанясенне арганізацыі страты, якая перавышае тры сярэднемесячныя заробкі. Такім чынам, дэкрэт пагаршае стан супрацоўніка ў параўнанні з дзейным заканадаўствам: па сутнасці, дэкрэт перакрэслівае Працоўны кодэкс, які дае супрацоўнікам гарантыі”.

Дэкрэт сапраўды ў пэўных момантах супярэчыць Працоўнаму кодэксу, пагаджаецца Людміла Чэкіна. Але раіць лепш прыгледзецца да рэчаіснасці.
Людміла Чэкіна: “Для камерцыйных прадпрыемстваў такая магчымасць — у якасці дысцыплінарнага спагнання зняць прэмію на любы перыяд — была заўжды. Што да ўтрымання ў залік кампенсацыі страты трох сярэднемесячных заробкаў без падачы позвы, то гэта вельмі моцна аблегчыць задачу наймальніка ў дадзеным выпадку, але рэч у тым, што ён і раней мог утрымаць, але гэта была больш працяглая, больш складаная для наймальніка працэдура. Калі казаць пра звальненне, то і раней, калі глядзець праўдзе ў вочы, у супрацоўніка, які нанёс значныя страты прадпрыемству, было мала шанцаў застацца на працы”.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, у будучыні ў Працоўны кодэкс будуць унесеныя змены, каб не было супярэчнасцяў з нормамі дэкрэта. Іншая справа, што, сцвярджае Аляксандр Ярашук, гэты дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму права на працу.
Аляксандр Ярашук: “А тут гэта вельмі абмежаванае жорсткімі захадамі і прымусу, і пакарання. Такім чынам, размова ідзе пра тое, што чалавек не можа скарыстацца сваім правам так, як належыць паводле Канстытуцыі”.
Кіраўніца юрыдычнай службы прафсаюза РЭП Жанна Запрыварына катэгарычна сцвярджае: з кожным новым дэкрэтам правоў у працаўнікоў становіцца ўсё менш. І чарговы дэкрэт таму добры прыклад. Старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук упэўнены: у гэтым дэкрэце больш палітыкі, чым эканомікі: улады такім чынам спрабуюць дамагчыся поўнай залежнасці і шараговых супрацоўнікаў, і “кіруючых кадраў”. Людміла Чэкіна больш “аптымістычна” глядзіць на чарговы прэзідэнцкі дэкрэт. Па яе словах, гэтыя новаўвядзенні — нішто ў параўнанні з зацверджанымі раней “кароткатэрміновымі кантрактамі і складанасцю са звальненнем па ўласным жаданні”.