Прадстаўнік МЗС пра перамовы з ЕС пра візы: Трэба крыху пачакаць
Тэрміны пачатку перамоваў Беларусі і Еўрасаюза наконт спрашчэння візавага рэжыму па-ранейшаму не вызначаныя.
Вось што распавёў Алег Шлома, начальнік аддзела ЕС і субрэгіянальных арганізацый упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі:
"Нельга сказаць, што нічога не адбылося ад часу віленскага саміта ["Усходняга партнёрства"]. Справа ў тым, што афіцыйна мы накіравалі паведамленне ў Еўракамісію, што мы гатовыя распачаць гэтыя перамовы. Іх фармат, механізм абмяркоўваюцца цяпер на экспертным узроўні. У якіх рамках будуць праходзіць гэтыя перамовы. З тым, каб максімальна ўлічыць нейкі негатыўны досвед, каб зняць ад пачатку максімальную колькасць бар'ераў".
Да таго ж, кажа Шлома, трэба ўлічыць "патрэбы Беларусі ў садзейнічанні", паколькі спатрэбіцца дапамога, у тым ліку і фінансавая. "Праца ідзе, трэба толькі крыху пачакаць", — сказаў прадстаўнік МЗС.
Варта адзначыць, што 29-30 студзеня праходзіць візіт у Брусэль намесніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной. Запланаваны шэраг сустрэч з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі еўрапейскіх інстытутаў.
***
Пра намер пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС 29 лістапада 2013 года на саміце "Усходняга партнёрства" ў Вільні заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Па яго словах, Беларусь гатовая пачаць перамовы, бо гэта ўстаноўка кіраўніка нашай краіны. Ад такіх зменаў выйграюць найперш звычайныя беларусы, сказаў Макей.
Фота — bymedia.net, Еўрарадыё