Польскім фурам, якія захраслі ў РБ, падоўжылі дазвол на перабыванне

Польскія фуры засталіся ў Беларусі / Мытны камітэт Беларусі
Польскім перавозчыкам, якія пасля закрыцця польска-беларускай мяжы захраслі ў нашай краіне, падоўжылі дазвол на перабыванне на тэрыторыі нашай краіны. Ён працягнуты яшчэ на 10 дзён, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
На тэрыторыі Беларусі застаюцца 1453 грузавікі з польскай рэгістрацыяй. Яны не паспелі выехаць да закрыцця мяжы, а выезд магчымы толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы.
Тэрмін іх часовага ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС, вызначаны пры ўездзе ў Беларусь, заканчваецца. Беларуская мытня заявіла, што мае права прыцягнуць перавозчыкаў да адказнасці ў рамках заканадаўства, але дазваляе ім затрымацца ў Беларусі.
"Для падаўжэння тэрміну перавозчыку неабходна звярнуцца ў мытны орган, у рэгіёне дзейнасці якога знаходзіцца транспартны сродак", — гаворыцца ў паведамленні Мытнага камітэта.
Далейшыя рашэнні будуць прымацца па заканчэнні гэтага тэрміну.
Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю ў ноч на 12 верасня. Гэта было патлумачана беларуска-расійскімі вайсковымі вучэннямі "Захад-2025", прызначанымі на 12-16 верасня. Пры гэтым польскае кіраўніцтва заявіла, што заканчэнне вучэнняў не азначае аўтаматычнага адкрыцця мяжы. Яе адкрыюць пасля таго, як Польшча пераканаецца ў бяспецы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.