Польшча закрывае расійскае консульства ў Кракаве

Консульства Расіі ў Кракаве / Яндэкс
Польшча вырашыла закрыць генеральнае консульства Расіі ў Кракаве. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў краіны Радаслаў Сікорскі. Гэта звязана з доказамі датычнасці расійскіх спецслужбаў да падпалу гандлёвага цэнтра ў Варшаве.
"У сувязі з наяўнасцю доказаў здзяйснення расійскімі спецслужбамі агіднага акта сабатажу ў дачыненні да гандлёвага цэнтра Marywilska, я прыняў рашэнне адклікаць сваю згоду на дзейнасць консульства Расійскай Федэрацыі ў Кракаве", — гаворыцца ў допісе Сікорскага ў сацсетцы X.
Напярэдадні польскія ўлады заявілі пра знойдзеныя доказы датычнасці Расіі да пажару ў гандлёвым цэнтры Marywilska 44 у Варшаве 12 траўня 2024 года. Паведамляецца, што пажар пачаўся адначасова ў некалькіх месцах, полымя хутка ахапіла будынак. Пры гэтым былі знішчаныя памяшканні каля 1400 крам і прадпрыемстваў. Пацярпелых не было.
Масква не адказала на абвінавачванні ў падпале. Аднак пасля паведамлення пра закрыццё генконсульства прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава прыгразіла мерамі ў адказ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.