Не дазволім уцячы ў Беларусь — прэтэндэнт у прэзідэнты Польшчы пра канкурэнтаў

Рафал Тшаскоўскі

Рафал Тшаскоўскі / Jarosław Szostakowski, Facebook

У нечаканым кантэксце згадаў нашу краіну адзін з польскіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.

Кандыдат ад "Грамадзянскай кааліцыі" Рафал Тшаскоўскі падчас перадвыбарчага выступу ў Торуні заклікаў прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў цяперашняй кіраўнічай партыі ПіС.

"Я ведаю, вы больш не хочаце слухаць пра маіх канкурэнтаў. Я сам стаміўся пра іх слухаць. Паскорым прыцягненне да адказнасці. Не дазволім ім усім збегчы ў Беларусь",цытуе MOST выказванне польскага палітыка.

На думку Тшаскоўскага, палітыкі ПіС разбуралі дзяржаву і дзяржаўныя органы, а таксама ганьбілі Польшчу.

Гаворка пра ўцёкі ў Беларусь можа быць намёкам на гісторыю польскага суддзі Томаша Шмыта. У траўні 2024-га суддзя, які меў доступ да матэрыялаў пад грыфам "сакрэтна", уцёк у Беларусь, дзе папрасіў палітычны прытулак. В нашай краіне ён стаў супрацоўнічаць з прапагандысцкімі СМІ. У Польшчы Шмыта абвясцілі ў вышук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.