Польшча часова аднаўляе кантроль на мяжы з Літвой і Германіяй
Дональд Туск / pap.pl
Польшча аднаўляе памежны кантроль на мяжы з Германіяй і Літвой. Адпаведнае рашэнне прыняў прэм'ер-міністр Дональд Туск.
Польскі прэм'ер заявіў, што кантроль аднаўляецца часова. Рашэнне было прынятае сёння, а набудзе моц у панядзелак, 7 ліпеня. За выкананне гэтай меры будзе адказваць кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў.
"Я папярэджваў нямецкі бок яшчэ ў сакавіку, казаў пра гэта некалькі разоў з новым канцлерам", — перадае onet.pl словы Туска.
Паводле яго, Польшча цярпліва ставілася да аднабаковага ўвядзення памежнага кантролю з боку Германіі. Аднак цярплівасць была вычарпаная ў сувязі з тым, што Германія адсылае ў Польшчу асобаў, якіх краіна мусіць утрымліваць. Верагодна, гаворка ідзе пра мігрантаў, якія хочуць нелегальна трапіць у Германію.