Пяці польскім памежнікам, якія служылі на мяжы Беларусі, пагражае суд

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Польская пракуратура выставіла абвінавачанні пяцярым памежнікам, якія неслі службу на мяжы з Беларуссю. Траіх вінавацяць ва ўжыванні гвалту супраць мігрантаў, яшчэ дваіх — у тым, што спальвалі дакументы і маёмасць. Пра гэта піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.

Падзеі адбываліся з верасня 2021 года па сакавік 2024-га на розных участках польска-беларускай мяжы. Следчыя выявілі 24 эпізоды, але ў 18 з іх не ўгледзелі злачынстваў, таму расследаванні былі спыненыя. Абвінавачванні выстаўленыя па двух эпізодах.

Адзін з інцыдэнтаў адбыўся ў ліпені 2023-га. Перад выцясненнем парушальнікаў мяжы назад на беларускую тэрыторыю трое памежнікаў збівалі і штурхалі 11 мігрантаў. Іншых дваіх памежнікаў вінавацяць у тым, што яны забралі ў замежніка сумку з дакументамі і невялікай сумай грошай, а потым знішчылі тэлефоны, пашпарты ды іншыя дакументы.

Ніхто з пяцярых абвінавачаных цяпер не служыць: чатырох адхілілі ад выканання службовых абавязкаў, а адзін ужо выйшаў на пенсію. Памежнікам пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамлялася раней, пад суд трапіў таксама салдат, які на мяжы з Беларуссю пачаў страляць у групу мігрантаў, калі яны спрабавалі перайсці мяжу. Ён зрабіў 12 стрэлаў у бок мігрантаў, памежнікаў ды іншых вайскоўцаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.