Справу польскага салдата, які страляў на мяжы з РБ, перадалі ў гарнізонны суд
Мяжа Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйнае фота / PAP
Справу вайскоўца, які ў сакавіку 2024 года страляў на мяжы з Беларуссю, перадалі ў гарнізонны вайсковы суд Варшавы.
Акруговая пракуратура польскай сталіцы, як паведамляе PAP, вінаваціць салдата ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Інцыдэнт адбыўся 25 сакавіка 2024 года. Салдат заўважыў групу мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу, і зрабіў 12 стрэлаў уздоўж памежнай дарогі ў іх бок. На лініі агню аказаліся супрацоўнікі памежнай аховы, а таксама іншыя польскія вайскоўцы.
Следства прыйшло да высновы, што стрэлы не былі папераджальнымі і вайсковец, страляючы, падставіў пад небяспеку памежнікаў, салдатаў і мігрантаў.
Раней паведамлялася, што пасля страляніны на мяжы ў сакавіку мінулага года былі затрыманыя двое салдатаў. Справа супраць другога была спыненая, бо ён быў на лініі агню, што робіць яго пацярпелым.