Польшча б’е рэкорды продажу прадуктаў, нягледзячы на расійскія санкцыі

6 жніўня мінуў год пасля ўвядзення Расіяй харчовага эмбарга на прадукты з краін ЕС і іншых дзяржаў, што ўвялі санкцыі супраць Масквы. З самага пачатку гэта абмежаванне моцна пагоршыла стан на мясцовых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі — Польшча з’яўляецца буйнейшым вытворцам яблыкаў у Еўропе і каля 70% экспарту гэтых прадуктаў, на той момант, ішло ў Расію. 

Спачатку сельгасвытворцы сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі і ім давялося зніжаць кошты. Але з траўня 2015 года становішча палепшылася. Выручка вырасла на 47 адсоткаў у параўнанні з папярэднім годам.

Кіраўнік кансалтынгавай кампаніі ITRO, якая спецыялізуецца на продажы садавіны, Себасцьян Садоўскі-Раманаў распавядае Еўрарадыё, што асноўная плынь экспарту перайшла ў Беларусь і Сербію, адным з галоўных кліентаў якіх, у сваю чаргу, з’яўляецца Расія:

“Вельмі шмат продажу пайшло праз Беларусь, дзе кампаніі закуплялі прадукцыю з Польшчы, быццам бы ператваралі яе ў беларускую і далей накіроўвалі ў Расію. І іншы буйны канал — праз Сербію”, ― мяркуе Садоўскі-Раманаў.

Яшчэ адным выйсцем для польскіх вытворцаў сталі продажы паўфабрыкатаў, такіх, як канцэнтрат яблычнага соку, замест садавіны. У 2014 годзе яго продаж павялічыўся ў сотні разоў — калі яшчэ ў 2013 годзе палякі прадалі каля 100 тон, у 2014 годзе гэтая лічба вырасла да 10 тысяч тон, паведамляе Deutsche Welle.

Павялічылася і рэалізацыя яблыкаў ўнутры краіны. У мінулым годзе спажыванне ўзрасло з 16 да 18 кг на чалавека. Яшчэ адзін пабочны эфект расійскага эмбарга — рост папулярнасці напаўзабытага яблычнага сідру, які сёння можна купіць у Польшчы практычна ў кожнай краме і рэстаране.

Аналітыкі кажуць, што гэты год можа стаць рэкордным для ўсёй галіны. За першыя пяць месяцаў 2015 года палякі экспартавалі прадуктаў харчавання на 9,3 мільярдаў еўра. Да канца года гэтая сума можа дасягнуць 25 мільярдаў, прагназуе польскі міністр сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі. Адзначым, што ў 2014 годзе агульны аб’ём харчовага экспарту склаў 22 мільярды еўра.

Польшча таксама моцна дыверсіфікавала свае рынкі. Цяпер яна экспартуе сваю прадукцыю ў 73 краіны свету.

У той жа час у Расіі сітуацыя практычна не змяняецца. Забарона на імпарт садавіны і арэхаў, малочнай прадукцыі, рыбы, мяса і каўбас з краін ЕС падоўжаны яшчэ на год. Акрамя таго, РФ перастане прапускаць праз мяжу галандскія кветкі без экспертызы, паведамляе Deutsche Welle.

Але, польскія вытворцы ўсё ж спадзяюцца на адмену расійскага эмбарга. Себасцьян Садоўскі-Раманаў кажа, што добрыя адносіны паміж краінамі гэта падстава для поспеху польскай эканомікі:

“Чым хутчэй эмбарга здымуць, чым хутчэй палітычная сітуацыя ўрэгулюецца, мяркую, тым будзе лепш для эканомікі і адной, і іншай краіны”, — адзначае кіраўнік кансалтынгавай фірмы.

Фота: moskva.fruitinfo.ru, unn.com.ua, 123RF/PICSEL.