Польшча афіцыйна паведаміла, што не адкрые мяжу ў сераду

Польска-беларуская мяжа / Еўрарадыё
Польшча не адкрые сваю мяжу адразу пасля заканчэння беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве Міністэрства ўнутраных спраў краіны. Закрыццё польска-беларускай мяжы дзейнічае да далейшага паведамлення і прадыктаванае клопатам пра бяспеку палякаў.
"Забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян з'яўляецца нашым прыярытэтам. Падкрэсліваем, што гэтая пастанова звязаная з расійска-беларускімі вучэннямі "Захад-2025", што не азначае закрыцця мяжы выключна на час гэтых вучэнняў", — адзначаецца ў паведамленні.
У МУС падкрэсліваюць, што рух транспарту праз мяжу будзе адноўлены, "як толькі мяжа будзе цалкам абароненая, што будзе пацверджана інфармацыяй, пададзенай службамі".
У польскім ведамстве з разуменнем паставіліся да праблем перавозчыкаў, якім даводзіцца ездзіць праз Літву. "Падкрэсліваем, што з эканамічных прычын і дзеля дабрабыту польскага бізнесу мы зробім усё магчымае, каб перыяд закрыцця памежнага руху быў як мага менш цяжкім", — заяўляюць у МУС Польшчы.
Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю ў ноч з чацвярга на пятніцу. Акурат у пятніцу, 12 верасня, пачалася актыўная фаза вучэнняў у Беларусі. 16 верасня — апошні дзень гэтых вучэнняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.