Пінчук атрымаў пяць гадоў калоніі за растрату мільярда рублёў
Грошы ён прайграў у покер ці паставіў у букмекерскіх канторах.
2-гадовы жыхар Пінска атрымаў пяць гадоў калоніі за махлярства і растрату маёмасці. З 2009 па 2013 год мужчына пазычаў у людзей грошы пад працэнты, але не вяртаў іх. Атрыманыя сродкі ён прайграваў у покер праз інтэрнэт або рабіў стаўкі ў букмекерскай канторы.
Усяго ён пазычыў болей за 700 мільёнаў рублёў у 14 пацярпелых. Апроч таго, ён працаваў прадаўцом і з траўня 2012 года па ліпень 2013 прысабечыў выручку на агульную суму 322 мільёны рублёў. Гэтыя грошы ён таксама прайграў.
Пасля таго як пацярпелыя сталі звяртацца ў міліцыю, у дачыненні мужчыны была распачатая крымінальная справа. 28 лістапада мінулага году суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама пінчука пазбавілі права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на пяць гадоў. Ён сплаціў пацярпелым 830 мільёнаў рублёў.
Асуджаны абскардзіў прысуд, аднак 13 лютага суд не задаволіў касацыю. Такім чынам, прысуд набыў законную моц, перадае БелаПАН.