Першы ўчастак МКАД-2 адкрыюць да зімы

Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак 30 ліпеня далажыў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку пра рэалізацыю праекта па будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска і пра іншыя важныя транспартныя праекты.

Паводле інфармацыі міністра, цяпер на будоўлі другога кальца дарожнікі ўкладваюць верхні слой на ўчастку ад Астрашыцкага гарадка да перасячэння з трасай М-6 (Мінск — Гродна). Гэты ўчастак плануецца адчыніць ужо да зімы, перадае тэлеканал АНТ.

Лукашэнка ў сваю чаргу даручыў улічваць магчымасці росту патоку руху і прапускную здольнасць ужо існуючых дарог, якія ўвойдуць у склад МКАД-2.

Сярод іншага згадваўся праект платных дарог. Па словах міністра транспарту, для таго, каб акупіўся яго першы этап, неабходна яшчэ 8 месяцаў. Ён адзначыў, што Мінтранс прытрымліваецца такой пазіцыі, што пасля рэканструкцыі буйной аўтадарогі праз пэўны прамежак часу яна робіцца платнай. Напрыклад, неўзабаве платным зробяць участак аўтадарогі Жлобін — Гомель, перадае БЕЛТА.