Першы расійскі эшалон для вучэнняў "Захад-2025" прыбыў у Беларусь

Расійскія вайскоўцы прыбылі ў Беларусь / "Ваяр"
У Беларусь прыбыў першы эшалон з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай для ўдзелу ў сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2025".
Як паведамляе Мінабароны Беларусі, цяпер беларускія і расійскія вайскоўцы знаходзяцца на завяршальным этапе падрыхтоўкі да вучэнняў.
Вучэнні "Захад-2025" пройдуць у верасні. У Мінабароны іх называюць "асноўным этапам сумеснай падрыхтоўкі армій дзвюх дзяржаў" сёлета.
Вучэнні меркавалася правесці недалёка ад заходніх межаў Беларусі. Аднак напрыканцы траўня міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін паведаміў, што "Захад-2025" вырашана перанесці ўглыб краіны, каб знізіць напружанасць у рэгіёне і прадэманстраваць гатоўнасць афіцыйнага Мінска да дыялогу і кампрамісаў.
Такія сумесныя вучэнні ў 2022 годзе сталі пралогам да расійскага ўварвання ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.