Перакрыццё мяжы з Польшчай пакінула "Беларуськалій" без вагонаў-кантэйнераў

Вагоны "Беларуськалія"

Вагоны "Беларуськалія"

Перакрытая мяжа з Польшчай пакінула "Беларуськалій" без парожніх вагонаў-кантэйнераў. Гэта заўважыла "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".

Раней пасля разгрузкі кітайскіх тавараў у Германіі, Польшчы ды іншых еўрапейскіх краінах частка кантэйнераў вярталася парожнімі ў Брэст. Адтуль іх размяркоўвалі паміж беларускімі грузаадпраўшчыкамі, у тым ліку і на "Беларуськалій".

Пасля ўвядзення міжнародных санкцый "Беларуськалій" застаўся без доступу да літоўскіх і польскіх партоў. Адным з варыянтаў для прадпрыемства сталі сухапутныя пастаўкі праз Расію і Казахстан у Кітай. Калійныя ўгнаенні загружалі ў кантэйнеры, і цягнікі ішлі праз еўразійскі калідор у Кітай. Для гэтага была патрэбная значная колькасць парожніх кантэйнераў.

Пасля закрыцця мяжы плынь такіх кантэйнераў з краін Еўропы скарацілася. Цяпер "Беларуськалій" вымушаны ці шукаць кантэйнеры на расійскім рынку па больш высокай цане, ці скарачаць аб'ёмы адгрузкі.

Таксама "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" паведамляе, што па стане на 17 верасня ў Беларусі запыніліся 26 кантэйнерных цягнікоў, якія шлі з Кітая ў Еўрасаюз. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.