Пенсіянер-рабаўнік па начах паляваў на жанчын у Мінску
63-гадовага рабаўніка праваахоўнікі затрымалі ў сталічным мікрараёне Серабранка.
Як паведамляюць "Мінск-Навіны", першае паведамленне міліцыянты атрымалі некалькі дзён таму. Каля 5-й гадзіны раніцы перапалоханая дзяўчына паведаміла, што каля гіпермаркета на праспекце Ракасоўскага на яе напаў рабаўнік — стары, сівы і з залатым зубам. Каб выратавацца, дзяўчына аддала яму ўсе наяўныя грошы — каля 200 тысяч рублёў.
Праз тыдзень міліцыянты атрымалі новае паведамленне. Жыхар Серабранкі пабачыў з акна, як на яго былую жонку напаў невядомы, вырваў сумку і паехаў на старых "Жыгулях".
Далёка ўцячы рабаўніку не ўдалося. Дарогу яму перакрыў патрульны "УАЗ". Абедзве пацярпелыя апазналі рабаўніка. Выявілася, што 63-гадовы мінчук ужо меў судзімасці за рабаванні і разбоі. Дый цяпер зусім нядаўна вярнуўся з-за кратаў. Да суда яго пакінулі ў следчым ізалятары.
Фота — minsknews.by