Пекін паабяцаў не паддавацца на "шантаж" Вашынгтона і "змагацца да канца"

Трамп ад сваіх рашэнняў адмаўляцца не збіраецца

Трамп ад сваіх рашэнняў адмаўляцца не збіраецца / pixabay.com

Кітай даў зразумець, што не збіраецца саступаць перад пагрозамі з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пекін паабяцаў не паддавацца на "шантаж" Вашынгтона і "змагацца да канца" ў гандлёвай вайне, піша "Бі-Бі-Сі".

Міністэрства камерцыі Кітая заявіла, што любыя дадатковыя пошліны з боку ЗША выклічуць у адказ "контрмеры" супраць амерыканскіх тавараў. Тарыфы, якія ў Злучаных Штатах называюць "люстранымі", у заяве кітайскага ведамства названыя "неабгрунтаванымі" і "тыповай праявай аднабаковага эканамічнага ціску".

Трамп пагражаў, што ўжо ў сераду павысіць тарыфы на імпарт з Кітая яшчэ на 50% у адказ на рашэнне Пекіна ўвесці "люстраныя" 34% пошліны — у адказ на тыя пошліны, якія прэзідэнт ЗША абвясціў на мінулым тыдні (54%).

Калі Дональд Трамп выканае абяцанне, то кітайскі імпарт у Злучаных Штатах будзе абкладзены 104-адсоткавымі пошлінамі (яшчэ 20% былі ўведзены ў сакавіку).

Міністэрства камерцыі Кітая заклікала амерыканскага прэзідэнта адмяніць рашэнні аб пошлінах і прыступіць да перамоваў. Трамп жа падкрэсліў, што ад сваіх рашэнняў адмаўляцца не збіраецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.