Паўла Севярынца запрасілі ў Следчы камітэт па справе аб збіцці сляпога інваліда

Паўла Севярынца запрасілі ў Следчы камітэт па справе аб збіцці сляпога інваліда

Сустаршыню аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт. Гэта звязана са справай затрымання і збіцця сляпога інваліда 18 верасня ў Мінску на станцыі метро “Уручча”.

21 верасня Павел Севярынец звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёна Менску з патрабаваннем пакараць супрацоўнікаў міліцыі, і спаслаўся на вядомае відэа ў сеціве.

У адказе следчага па асабліва важных справах А.Г. Іўчанкі гаворыцца, што ўжо 19 верасня Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу, але не па факце супрацьпраўных дзеянняў міліцыянтаў, а па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу Беларусі (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).

Паўлу Севярынцу прапанавалі прыбыць у Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі, паведамляе прэс-служба БХД.

Нагадаем, раней міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што падчас затрымання інваліда міліцыянеры не перавысілі сваіх паўнамоцтваў.

Фота: Еўрарадыё