Палова апытаных у аграгарадку беспрацоўных сказалі, што працуюць у РФ

Камісія, на пасяджэнне якой запрасілі беспрацоўных / lelchitsy.by
У аграгарадку Буйнавічы ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці ў прысутнасці міліцыянтаў прайшло выязное пасяджэнне "камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва". Прысутнічала кіраўніца камісіі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая. Паводле яе слоў, на Буйнавіцкі сельсавет прыпадае "5% ад агульнай колькасці не занятых у эканоміцы грамадзян па раёне".
На пасяджэнне прыйшлі 8 чалавек (сем мужчын і жанчына) "працаздольнага ўзросту". Ім загадалі патлумачыць, чаму яны не працуюць. Палова прысутных ці нават і больш сказалі, што працуюць ці працавалі ў Расіі. Ім прапанавалі працаўладкавацца ў Беларусі.
"Сёння ў нас у раёне і на тэрыторыі вашага сельсавета маецца магчымасць працаваць і добра зарабляць, каб забяспечыць сабе годнае жыццё", — цытуе словы чыноўніцы раённая газета. А ўжо пасля нарады яна дадала: "Сумна, што большасць запрошаных сёння — гэта грамадзяне да 40 гадоў, у якіх няма мэты ў жыцці дасягнуць чагосьці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.