Палітыка стала праблемай? Чаму беларус не стаў трэнерам "Легіі"

Меркаванне польскага журналіста партала Onet / ФК "Кайрат"
Беларус Аляксей Шпілеўскі не стаў трэнерам "Легіі" таму, што ніколі публічна не асуджаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Такое меркаванне выказаў польскі журналіст партала Onet Мацей Калішук у сваёй калонцы.
Паводле ягоных слоў, кіраўніцтва "Легіі" спалохалася рэакцыі грамадства, перш за ўсё фанатаў.
Калішук задаецца пытаннем: навошта "Легія" наогул пачынала перамовы, ведаючы, што Шпілеўскі — беларус?
І дае такі адказ: магчыма, кіраўніцтва спадзявалася, што трэнер публічна адмовіцца ад падтрымкі ўладаў Беларусі. Аднак ён не збіраўся гэтага рабіць. Шпілеўскі пазбягае заяваў на палітычныя тэмы.
Сам Аляксей Шпілеўскі так пракаментаваў перамовы з "Легіяй":
— У мяне была канструктыўная размова з прадстаўнікамі кіраўніцтва "Легіі". Мне вельмі спадабаліся дух, філасофія і гісторыя клуба, а таксама яго вялікія традыцыі. У рэшце рэшт мы не дасягнулі дамоўленасці, — распавёў Шпілеўскі.
Уплыў фанатаў "Легіі"
Нагадаем, наколькі катэгарычныя фанаты "Легіі" і наколькі яны ўцягнутыя ў справы клуба. У апошнім туры Экстраклясы на хатнім стадыёне быў аншлаг. Фанаты "Легіі" вывесілі велізарны банер проста насупраць VIP-ложы і трэнерскага мастка з надпісам, які заклікаў "спыніць фінансаванне лайна".
Балельшчыкі відавочна засталіся незадаволеныя сезонам, крытыкавалі кіраўнікоў "Легіі" і заклікалі будаваць чэмпіёнскую каманду — інакш абяцалі байкатаваць клуб і не набываць квіткі і абанементы на новы сезон.

Куды прарочаць Шпілеўскага?
Пасля таго як "Легія" вызначылася з імем новага трэнера, з’явілася інфармацыя, што беларус можа ўзначаліць расійскі клуб "Пары НН", які напярэдадні звольніў іншага беларускага трэнера — Віктара Ганчарэнку.
Шпілеўскі не пацвердзіў, але і не абверг гэтую інфармацыю.
— Пакуль цяжка нешта сказаць пра маю будучыню. Мы мелі зносіны з расійскімі клубамі: і з ЦСКА, і з "Дынама", і з "Пары НН". На дадзены момант канкрэтных дамоўленасцяў няма — толькі размовы.
Ці з’яўляецца Расія прыярытэтам? Для мяне не так важная краіна, як якасны праект. Хай ён нават будзе ў Індыі — пры ўсім маім павазе. Паглядзім, што будзе ў бліжэйшыя дні ці тыдні, — адзначыў Шпілеўскі.
Дадамо, што раней Шпілеўскі заяўляў, што яго цікавіць заходні вектар уласнага развіцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.