Чаму я сачу за футбольнай кар’ерай беларуса Іллі Шкурына. І вам раю. Меркаванне

Илья Шкурин в "Легии"

У ім, як у кроплі вады, можна ўбачыць беларускі акіян, які разліўся па ўсім свеце / legia.com

Калі ў лютым 2025 года беларускі футбаліст Ілля Шкурын стаў гульцом варшаўскай “Легіі”, я сказаў сваёй дачцэ: “Глядзі, гэты хлопец — годны прыклад для пераймання. Беларус, якім можна ганарыцца!” Бо ў ім, як у кроплі вады, можна ўбачыць беларускі акіян, які разліўся па ўсім свеце.

Піша Максім Камерэр

Упершыню пра Іллю Шкурына загаварылі ў 2019 годзе, калі фактурны нападнік бліснуў у сціплай камандзе Вышэйшай лігі “Энергетык-БДУ”, забіўшы ў тым сезоне 19 галоў і стаўшы лепшым бамбардзірам.

Гэты поспех не застаўся незаўважаным. Іллю напачатку 2020 года прадалі ў маскоўскі ЦСКА, вясной таго ж года выклікалі ў зборную Беларусі. А потым грымнулі прэзідэнцкія выбары, ультрагвалт сілавікоў, беларуская рэвалюцыя.

Илья Шкурин в "Энергетик-БГУ"
Ілля Шкурын у беларускім чэмпіянаце / "Энергетык-БДУ"

Тады многія спартоўцы, да гэтага незаўважныя, выступілі супраць гвалту. Але Ілля Шкурын пайшоў далей, заявіўшы, што адмаўляецца выступаць за беларускую зборную па футболе да таго часу, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка.

Я пытаўся сябе, ці разумеў Ілля тады, што ён рабіў, знаходзячыся ў Расіі, адкуль яго маглі тэарэтычна выдаць беларускім уладам, адправіць у армію, пасадзіць, у рэшце рэшт. Цяпер думаю, што выдатна разумеў.

Праседзеўшы на лаўцы запасных ЦСКА практычна ўвесь расійскі перыяд кар’еры, летам 2021 года Ілля паехаў перазагружаць яе ва Украіну. Спачатку было кіеўскае “Дынама”, потым першы кароткі перыяд у Польшчы.

Майка Ильи Шкурина, которую он продал на аукционе
Ілля Шкурын прадаваў сваю майку з надпісам "Жыве Беларусь" і аўтографам / Instagram

Затым паспяховы сезон у Ізраілі, дзе Шкурын зноў прымусіў гаварыць пра сябе. І потым зноў Польшча, дзе ў 2025 годзе яго купіў гранд польскага футбола — варшаўская “Легія” — за 1,5 млн еўра ў сціплай “Сталі”.

У кожнай краіне і ў кожным новым клубе Ілля развіваўся як футбаліст. Яго не бянтэжыла спёка і стральба ў Ізраілі, халоднае стаўленне польскіх спецыялістаў і крытыкаў. Ён упарта працягваў ісці да мэты. Забіваць усё больш галоў. Заяўляць пра сябе ва ўвесь голас, даказваючы, што на полі ён хоча быць лепшым.

Калі вы думаеце, што Шкурыну было лёгка, то пачытайце водгукі футбольных заўзятараў і журналістаў. Пасля такога не кожны псіхолаг зможа вам дапамагчы!

Ён не выбраў багатую дрыгву расійскага футболу, у якой патанула кар’ера не аднаго таленавітага футбаліста. Не апусціў рукі пасля крызісу ў Польшчы.

Илья Шкурин в "Легии"

І ў гэтым шляху Іллі Шкурына я бачу ўсіх нас — эмігрантаў і тых, хто застаўся ў Беларусі. Тых, хто не апусціў рукі, не паддаўся роспачы, не прызнаў паразы, не здаўся. 

Частка з нас пакуль не можа вярнуцца ў Беларусь. Але мы можам развівацца ў эміграцыі, вучыцца новаму, запамінаць і браць лепшае ад лепшых. Каб калісьці вярнуцца і будаваць Новую Беларусь.

Як беларус Ілля Шкурын, гол якога ў фінале Кубка Польшчы пры аншлагу на Нацыянальным стадыёне дапамог “Легіі” перамагчы і ў наступным сезоне згуляць у еўракубках. Гол, пасля якога фанаты клуба, адны з самых жорсткіх і бескампрамісных крытыкаў ва ўсёй Польшчы, прызналі Іллю і нават празвалі яго "беларускім Раналду".

Гэты тэкст – меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме – пішыце на [email protected] з паметкай “Меркаванне”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.