Лекар патлумачыў фэйк пра смерць пацыента ад "дактароў, якія не ведалі польскай"

Медыкі, ілюстрацыйнае фота

Медыкі, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com

У Польшчы каторы дзень абмяркоўваюць гучную гісторыю пра смерць пацыента ва Уроцлаве. Нібыта, мужчына памёр падчас МРТ, бо лекары з Украіны і Беларусі дрэнна ведалі польскую мову.

Гэтую гісторыю ўжо абвергла польская пракуратура. Па каментар выданне MOST звярнулася да старшыні Ніжнесілезскай лекарскай палаты Паўла Урублеўскага, з чыйго інтэрв'ю і пачаўся скандал.

Гэтую гісторыю Урублеўскі расказаў у інтэрв'ю аднаму з youtube-каналаў. Нібыта, у прыватнай дыягнастычнай лабараторыі ва Уроцлаве пацыенту рабілі МРТ брушной поласці з кантрастам. Брыгада, якая складалася з медыкаў з Украіны і Беларусі кепска ведала польскую мову і не зразумела, што раней у яго ўжо быў анафілактычны шок. Калі ў пацыента пачаўся анафілактычны шок, супрацоўнікі лабараторыі, маўляў, не ведалі, што з ім рабіць і як выклікаць хуткую.

Як заявілі ў акруговай пракуратуры Уроцлава, трагедыя адбылася ў студзені 2023 года. Пацыент перад абследаваннем не паведаміў пра хранічныя захворванні і алергіі. Даследаванне без кантрасту прайшло добра. А пасля ўвядзення 10 мілілітраў кантрасту ў мужчыны пачаўся анафілактычны шок. Медперсанал і доктар адразу ж заняліся яго рэанімацыяй, тэхнічны работнік пастаянна кансультаваўся з дыспетчарам хуткай дапамогі. Пасля прыбыцця брыгады хуткай дапамогі рэанімацыю працягнулі парамедыкі. Аднак у лякарні пацыент памёр.

"Насамрэч з гэтага раздзьмулі вялікі скандал. Факт у тым, што да нядаўняга часу Міністэрства аховы здароўя выдавала дазволы на працу лекарам, якія не валодаюць польскай мовай, а з нядаўніх часоў патрабуецца валоданне на ўзроўні B1, чаго абсалютна недастаткова для добрасумленнага збору ў пацыента анамнезу. Каб звярнуць увагу на тое, якімі могуць быць наступствы, я прывёў прыклад двухгадовай даўнасці, які тады атрымаў шырокі рэзананс",каментуе Павел Урублеўскі ў адказе для выдання MOST.

Ён сцвярджае, што журналісты перакруцілі яго словы, каб раздзьмуць сенсацыю:

"Я нічога не казаў пра лекараў, толькі пра "беларуска-ўкраінскую брыгаду", бо такую інфармацыю пачуў падчас візіту на Radio Wrocław ад юрыста, які сцвярджаў, што ведае справу. Усю астатнюю гісторыю, на жаль, дадумалі прагныя да сенсацый журналісты". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.