Беларусь адкрые Брузгі і Бераставіцу адначасова з Польшчай
Мяжа Беларусі / Reuters
Беларусь гатовая аднавіць рух у пунктах пропуску на мяжы з Польшчай у поўным аб’ёме, гаворыцца ў заяве Памежнага камітэта.
Польшча плануе адкрыць два пункты пропуску са свайго боку ў панядзелак, 17 лістапада. З 2-й гадзіны ночы павінны пачаць працу Кузніца-Беластоцкая (з беларускага боку — Брузгі) і Боброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца).
Праз Кузніцу-Беластоцкую (Брузгі) змогуць ехаць толькі легкавыя аўтамабілі. А праз Боброўнікі (Бераставіцу) — як легкавыя, так і грузавыя аўтамабілі, а таксама аўтобусы. У ДПК адзначылі, што праз гэты пераход змогуць праязджаць толькі фуры з краін Еўрапейскага Саюза, краін-удзельніц Пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі.
Пункт пропуску ў Боброўніках быў закрыты ў 2023 годзе ў адказ на прысуд журналісту, прадстаўніку польскай нацыянальнай меншасці Анджэю Пачобуту. Пункт пропуску ў Кузніцы польскі бок закрыў у 2021 годзе, калі актывізаваўся міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.