Для беларусаў у Польшчы створаць сайт, які дапаможа ў адаптацыі
Беларуская акцыя ў Варшаве / Еўрарадыё
Для беларусаў у Польшчы неўзабаве з'явіцца сайт, які дапаможа ім адаптавацца ў гэтай краіне. Гаворка пра яго ішла падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўла Латушкі ва Урадавым інфармацыйным цэнтры Польшчы, паведамляе прэс-служба АПК.
Паводле звестак польскіх СМІ, цяпер у гэтай краіне 145 тысяч грамадзян Беларусі маюць часовы від на жыхарства і яшчэ 60 тысяч — статус пастаянных жыхароў.
"Праца па стварэнні інфармацыйнага парталу для беларусаў знаходзіцца на фінальным этапе. Плануецца, што на старонцы можна будзе знайсці інфармацыю пра кантакты, у тым ліку спасылкі на інфармацыйныя старонкі патрэбных польскіх дзяржорганаў і устаноў, а таксама адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні", — дзеляцца падрабязнасцямі ў АПК.
Беларусы, якія пражываюць у Польшчы, змогуць знайсці на гэтым сайце карысныя парады наконт афіцыйных фармальнасцей, працэсу легалізацыі, доступу да сацыяльных выплат, магчымасцей працаўладкавання, вядзення гаспадарчай дзейнасці ці адукацыі дзяцей ды інш.
Усе звесткі будуць афіцыйныя: яны рыхтуюцца на падставе дзейных прававых нормаў, а таксама інфармацыі, пададзенай польскімі дзяржаўнымі ўстановамі.
Партал ствараецца па-беларуску.