Чаму “Легія” дагэтуль не абвясціла трэнера (беларуса) і прычым тут фанаты

"Легия" Варшава

Найбольш тытулаваны клуб Польшчы перажывае няпростыя часы і шукае новага галоўнага трэнера / legia.com

У канцы мая варшаўская “Легія” звольніла галоўнага трэнера, партугальца Гансалу Фейю. Кіраўніцтва клуба палічыла вынікі каманды недастатковымі.

Нягледзячы на вельмі ўдалы выступ у Лізе Канферэнцый, дзе “Легія” ўпершыню дайшла да чвэрцьфіналу і саступіла будучаму пераможцу — лонданскаму “Чэлсі”, а таксама перамогу ў Кубку Польшчы і права выступаць у новым сезоне ў Лізе Еўропы, у Экстраклясе клуб заняў толькі пятае месца. А менавіта ўнутраныя поспехі былі галоўнымі для кіраўніцтва і, што яшчэ важней, для фанатаў, якія маюць велізарны ўплыў на каманду.

На пасаду галоўнага трэнера галоўнага польскага клуба прэтэндуе беларус Аляксей Шпілеўскі. Еўрарадыё распавядае, адкуль узяўся гэты варыянт, чаму яго дагэтуль не абвясцілі і што тут да чаго фанатскі сектар “Жылеты”.

Пошукі галоўнага пасля няўдалага сезону

У апошнім туры Экстраклясы “Легія” прымала дома аўтсайдэра — “Сталь”. І змагла дамагчыся толькі нічыі, двойчы адыгрываючыся па ходу сустрэчы.

На стадыёне быў аншлаг. І атмасфера незадаволенасці. Фанаты “Легіі” вывесілі вялізны банер насупраць VIP-ложы і трэнерскай зоны з надпісам, які патрабаваў спыніць “фінансаванне дзярма”. Балельшчыкі відавочна засталіся незадаволеныя сезонам, крытыкавалі кіраўніцтва і патрабавалі будаваць каманду-чэмпіёна. Інакш яны абяцалі байкатаванне — не будуць купляць білеты і абанементы на новы сезон.

Усё гэта адбывалася на фоне чутак, што клуб актыўна вядзе перамовы з тагачасным трэнэрам Фейю. Але ў СМІ шырока распаўсюджваліся звесткі, што новым галоўным трэнерам стане менавіта беларус Алеяксей Шпілеўскі.

"Легия"

Чаму дагэтуль не абвясцілі трэнера і якая роля фанатаў

Фанаты “Легіі” — суровыя людзі. Яны могуць быць бязлітаснымі да кіраўніцтва, не даруюць хлусні і дрэннага стаўлення.

У сацсетках хадзілі чуткі, што менавіта фанаты супраць беларуса на трэнерскай лаве. Але ў гутарцы з журналістам Еўрарадыё прадстаўнік “Жылеты” сказаў, што нацыянальнасць трэнера не мае значэння.

У гісторыі клуба быў перыяд, калі каманду ўзначальваў расіянін Станіслаў Чарчэсаў — праўда, да 2022 года.

Так, беларускага нападніка “Легіі” Іллю Шкурына спачатку прынялі халаднавата. Але калі ён пачаў забіваць — палюбілі. Для “Жылеты” галоўнае — вынік!

Таму наўрад ці нацыянальнасць Шпілеўскага мае істотнае значэнне. Тым больш што ён пакінуў Беларусь яшчэ ў 2018 годзе і заяўляў, што не бачыць сябе на Радзіме. Трэнер выбраў заходні вектар, нягледзячы на выгадныя прапановы з Расіі.

Чаму ж тады не прызначаюць Шпілеўскага?

Ёсць некалькі прычын. Першая — банальна грошы. За Шпілеўскім сачылі не толькі ў “Легіі”, але і ў іншых польскіх клубах. Магчыма, ідзе торг. І, як ужо адзначалася, ёсць пытанні па штабу.

Почему “Легия” до сих пор не объявила тренера (белоруса) и причём тут фанаты

Другая прычына — патрабаванне паказаць выдатныя вынікі ўжо ў першым сезоне. Пад ціскам фанатаў кіраўніцтва не гатова даць беларусу час, як гэта было ў “Арысе” на Кіпры. Патрэбен вынік тут і цяпер.

Шпілеўскі ўмее будаваць каманды і працаваць з моладдзю, але ніколі не быў у клубе, дзе патрабавалі імгненных вынікаў. 

Хаця… быў — у “Дынама” Брэст у 2018 годзе ў эпоху алігарха Зайцава. Там усё скончылася праз пару месяцаў — не з-за трэнера, а з-за хаосу ў кіраўніцтве. Магчыма, той досвед пакінуў след у душы спецыяліста.

Ціск фанатаў расце

Пакуль ідуць перамовы, ціск фанатаў узрастае. Яны абвясцілі байкот набыццю абанементаў на новы сезон. Яны патрабуюць трэнера, які дастане ім зорку з неба.

У адказ клуб праз прэс-службу заявіў, што спартыўны дырэктар Міхал Жэўлякаў вядзе перамовы, але клуб не будзе каментаваць працэс у рэжыме рэальнага часу.

“Легія” пачне перадсезонную падрыхтоўку 16 чэрвеня. Потым каманда адправіцца на зборы ў Аўстрыю. Наперадзе — матч за Суперкубак з “Лехам”, кваліфікацыя Лігі Еўропы і старт новага сезона ў Экстраклясе.

Хто ж павядзе клуб да новых вяршынь — даведаемся зусім хутка.

"Легия"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.