Палітуцекача, які знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі, могуць дэпартаваць з ЗША

Артур Сянько

Артур Сянько / reform.news

Іміграцыйная паліцыя ў ЗША 15 жніўня арыштавала беларускага палітуцекача Артура Сянько. Яго пасадзілі ў турму. 36-гадоваму актывісту дэмакратычнага руху пагражае дэпартацыя ў Беларусь, піша выданне Reform.news са словаў яго сябра.

Беларус знаходзіўся на тэрыторыі ЗША легальна. 26 жніўня 2021 года ён прыбыў у Каліфорнію, дзе заявіў, што яму пагражае пераслед, і папрасіў палітычнага прытулку. Ад 2022 года Сянько лічыцца ў міждзяржаўным вышуку паводле палітычнага артыкула 369 КК РБ — абраза прадстаўніка ўлады.

Праз два дні пасля прыбыцця яго вызвалілі да далейшага разгляду без даты прызначэння суда. Беларус падаў пісьмовую заяву аб наданні палітычнага прытулку, а таксама супрацоўнічаў з міграцыйнымі органамі, падаваў кантактныя даныя і звесткі пра месца свайго знаходжання.

15 жніўня 2025 года  яго позвай выклікалі ў прадстаўніцтва Дэпартамента ўнутранай бяспекі (U. S. Department of Homeland Security) у Нью-Ёрку. Аргументы адваката аб законным перабыванні Артура Сянько ў ЗША як просьбіта прытулку не былі прынятыя.

Паведамляецца, што іміграцыйныя афіцэры адмовіліся глядзець дакументы. Беларусу начапілі кайданкі і адправілі ў ізалятар. Супрацоўнікі міграцыйнай службы, як кажа сябар Сянько, прапанавалі беларусу падпісаць дакумент, што дата, месца і абставіны яго прыбыцця на тэрыторыю ЗША невядомыя, ад чаго ён адмовіўся.

Слуханні па справе Артура Сянько некалькі разоў пераносіліся. Чарговае слуханне прызначанае на 10 верасня. Беларус баіцца, што яго дэпартуюць, бо зняволеныя ў папраўчым цэнтры штата Нью-Мехіка, дзе яго цяпер трымаюць, амаль не атрымліваюць пазітыўных рашэнняў у справах аб дэпартацыі. Адвакат беларуса кажа, што суддзя Сэмуэль Вільямс, які пачаў працу толькі ў 2024 годзе, практычна не прымае рашэнняў на карысць суіскальнікаў прытулку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.