"Пагроза удараў з Беларусі захоўваецца" — 56-я раніца вайны
Разбурэнні ў горадзе Ірпень (Кіеўская вобласць) / Ісмаіл Чошкун
Расійскія войскі спрабуюць наступаць, каб узяць пад кантроль Данецкую і Луганскую вобласці Украіны, гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба. За мінулыя суткі ў гэтых рэгіёнах украінскія вайскоўцы адбілі 10 нападаў. Пры гэтым ракетамі праціўнік б'е па ўсёй тэрыторыі краіны, "захоўваецца пагроза такіх удараў з Беларусі", адзначаюць у Генштабе УСУ.
Ноччу быў абстраляны Навадружаск (гэта недалёка ад Лісічанску ў Луганскай вобласці) – былі разбураныя дамы, горад застаўся без газу, распавядае кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай.
Пасля абстрэлу жылога квартала загарэліся некалькі дамоў. "Колькі яшчэ пашкоджана абломкамі і выбуховай хваляй – ўсталеўваем", напісаў ён.
А старшыня Мікалаеўскага аблсавета Ганна Замазеева паведамляе, што ў выніку расійскіх бамбаванняў пацярпела бальніца ў Баштанцы Мікалаеўскай вобласці. Знішчана аддзяленне дыялізу і прыёмнае аддзяленне, аперацыйная засталася без шклопакетаў. Абышлося без загінулых, але ёсць параненыя.
У Генштабе УСУ падкрэсліваюць, што "асноўныя намаганні расейцы засяроджваюць на захопе Марыупаля, працягваюць штурм у раёне завода"Азоўсталь".
Тое, што Расія значна ўзмацніла абстрэлы на Данбасе, а ўкраінскія войскі адбіваюць шматлікія спробы наступу, пацвярджае і брытанская выведка. Паводле яе ацэнак, у расіян ёсць праблемы з лагістыкай і тэхнікай, вырашыць іх пакуль не атрымліваецца. Пра гэта піша "Громадське"
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным звароце звярнуўся, сярод іншага, да жыхароў акупаваных тэрыторый і падзякаваў ім за адмову супрацоўнічаць з захопнікамі.
"На поўдні нашай краіны акупанты спрабуюць дэманстраваць хаця б нешта, што можна падаць у Расіі як нібыта гатоўнасць украінцаў супрацоўнічаць з расійскімі структурамі. Выглядае гэта дрэнна", — заўважыў Зяленскі.
Расійскія вайскоўцы прымусова перасялілі ў Расію да паўмільёна ўкраінцаў, у тым ліку 121 тысячу дзяцей. Такія лічбы агучыў на пасяджэнні Савета бяспекі ААН па гуманітарнай сітуацыі ва Украіне пастаянны прадстаўнік Украіны Сяргей Кісліца.
Па яго словах, дэпартаваных у Расію украінцаў адпраўляюць ў дэпрэсіўныя рэгіёны. Людзей вязуць, у тым ліку, на поўнач і востраў Сахалін і забараняюць ім адтуль выязджаць на працягу двух гадоў.
Аб прымусовым вывазе дзяцей паведамляе і офіс генеральнага пракурора Украіны, які вядзе статыстыку загінулых і параненых дзяцей. Колькасць параненых зноў вырасла — да 373. У статыстыку трапілі і двое малых 6 і 8 гадоў, якія атрымалі раненні ў вёсцы Старая Буда Багучанскага раёна Кіеўскай вобласці. Па іх хаце стралялі. Гэта адбылося 15 сакавіка, і "ў той жа дзень ваеннымі РФ (гэтыя дзеці) прымусова былі перапраўленыя ў горад Мазыр Рэспублікі Беларусь". З пачатку вайны ва Украіне загінулі 205 дзяцей.
ААН да вечара 18 красавіка пацвердзіла гібель 2104 чалавек у вайне ва Украіне. Яшчэ 2 862 атрымалі раненні, паведамляе "Громадське". Часцей за ўсё людзі гінулі ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Расію прыслухацца да прапановы Генеральнага сакратара ААН і абвясціць часовае спыненні агню перад Вялікаднем.
"Расія павінна нарэшце прыслухацца да Генеральнага сакратара ААН і спыніць вайну ці прынамсі зрабіць гуманітарную паўзу", — напісаў Кулеба.