Падпалкоўнік міліцыі абсталёўваў сабе кватэру за кошт асуджанага
У выкарыстанні асуджаных для ўласнага ўзбагачэння падазраюць начальніка атрада папраўчай установы адкрытага тыпу №33.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на цяпер ужо былога начальніка атрада, паведамляе "Ежедневник". Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі выявіла, што сёлета ў сакавіку–красавіку падпалкоўнік даваў указанні асуджанаму за парушэнне правіл дарожнага руху, каб той набываў матэрыяльныя каштоўнасці для добраўпарадкавання кватэры міліцыянта. На якую суму асуджаны кіроўца аўтамабіля паспеў купіць матэрыяльных каштоўнасцяў для падпалкоўніка, цяпер спрабуе выявіць следства. Яно таксама працуе з іншымі асуджанымі, каб высветліць, наколькі шырока ўжывалася такая практыка.
Дарэчы, падпалкоўнік быў звольнены з органаў унутраных спраў адразу пасля таго, як упраўленне ўласнай бяспекі МУС пачало праверку супраць яго. Прычым звольнены ён быў не за дыскрэдытацыю мундзіра, а "па дамове бакоў".
Фота — ria.ru