Пад Мінскам работнік жаночага манастыра шпакоўняй забіў мужчыну

22-гадовага жыхара Мінска абвінавачваюць у наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю. Як інфармуе БЕЛТА, ён працаваў рознарабочым у адным з жаночых манастыроў Мінскай вобласці. У верасні мінулага года мінчук, які раней трапляў за краты, на тэрыторыі манастыра пазнаёміўся з 32-гадовым мужчынай, які запрасіў яго да сябе ў госці — ў вёску Абчак Мінскага раёна. Там і адбылася трагедыя.

Падчас распіцця спіртных напояў паміж мужчынамі ўзнікла сварка. Госць жорстка збіваў гаспадара — нагамі, рукамі, драўлянай шпакоўняй. Ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў пацярпелы памёр. Яго забойца пакінуў труп ляжаць на падлозе, а сам пераначаваў у доме, раніцай зачыніў яго на ключ і паехаў у Мінск. Сваякі знайшлі труп толькі праз два месяцы.

Пракуратура Мінскай вобласці накіравала крымінальную справу ў суд.

Здымак з архіву.