Пад Мінскам даішнікі зладзілі пагоню за п'яным скутэрыстам. Відэа

У ноч на 22 красавіка на аўтадарозе Сёмкава-Заслаўе супрацоўнікі ДАІ правяралі зоны адпачынку. Іх увагу прыцягнуў скутэрыст, які выязджаў з кавярні "Прымор'е". Як паведамляе БЕЛТА, даішнікі паехалі за скутэрыстам і неаднаразова патрабавалі спыніцца. Аднак кіроўца на гэтыя патрабаванні не рэагаваў.

Скутэрыст рухаўся з невялікай хуткасцю — каля 60 км/гадз. Але пры гэтым ён моцна манеўраваў на дарозе, таму спыніць яго даішнікі не маглі.
Урэшце кіроўца кінуў скутэр і кінуўся ўцякаць. Тады інспектары і затрымалі яго. Скутэрыстам быў 22-гадовы жыхар вёскі Сёмкава. У яго выявілі 1,6 праміле алкаголю.

Малады чалавек патлумачыў, што выпіў і пазычыў у сябра скутэр, каб з'ездзіць "дагнацца". У яго ніколі не было правоў на кіраванне аўтатранспартам. На правапарушальніка склалі тры адміністрацыйныя пратаколы.

Фота з сацыяльных сетак